Мікіта Кочур
Дата нараджэння: 16 ліпеня
Дата затрымання: 20 лістапада 2020
Прад'яўленыя абвінавачванні:
арт. 363 Крымінальнага кодэкса — Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак
Вынік суда: 4 гады
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Суддзя: Касцюкевіч Анжэла
Пракурор: Дзендзялевіч Вольга
Месца зняволення: ПК № 22

Мікіта Міхайлавіч Кочур — інжынер з Мінска. Быў асуджаны па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (Супраціў міліцыі з выкарыстаннем гвалту) на 4 гады пазбаўлення волі.
Увечары 11 жніўня 2020 года, калі ў Мінску праходзілі акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, Мікіта Кочур сустрэўся з братам і ягонай жонкай на вуліцы Някрасава, каб паказаць нядаўна набыты матацыкл. Да іх пад'ехала міліцыя, супрацоўнікі ДАІ падышлі да Кочура і сталі патрабаваць у яго дакументы. Кочур, у сваю чаргу, папрасіў супрацоўнікаў прадставіцца і паказаць службовыя пасведчанні. У выніку Мікіту сцягнулі з матацыкла, павалілі на зямлю, збілі дубінкамі і затым павезлі ў РУУС.
Пазней на Мікіту Кочура завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (Супраціў супрацоўнікам міліцыі пры выкананні, спалучанае з прымяненнем гвалту). 20 лістапада яго ўзялі пад варту. Пацярпелымі па крымінальнай справе былі прызнаныя начальнік УУС Савецкага раёна Сяргей Каліннік, старшы інспектар ДАІ Савецкага раёна Яўген Крыварот, супрацоўнікі міліцыі Невяровіч і Надзёжны.
Згодна з прад'яўленым абвінавачаннем, па патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі Кочур адмовіўся прад'явіць дакументы і падаць да агляду транспартны сродак (матацыкл «Хонда»), таксама адмовіўся прайсці ў Савецкае РУУС для высвятлення асобы. Замест гэтага ён аказаў супраціў супрацоўнікам міліцыі - штурхаў і наносіў удары, парваў аднаму з іх кашулю. А палкоўнік Сяргей Каліннік ўпаў ад штуршка Качура і атрымаў траўму локця. Але ніхто з іншых пацярпелых не бачыў, каб Кочур наносіў Калінніку нейкія ўдары. Мікіта Кочур сваёй віны ў злачынстве не прызнаў.
19 сакавіка 2021 года ў судзе Заводскага раёна Мінска абвясцілі прысуд Кочуру: 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.
![]()
Менчука асудзілі на 4 гады калоніі за супраціў пры затрыманні. Суд вырашыў, што ён траўмаваў начальніка Савецкага РУУС