Міхаіл Жамчужны
грамадскі актывіст
Былы палітвязень
Дата нараджэння: 14 жніўня 1955
Дата затрымання: 15 снежня 2014
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 431 Крымінальнага кодэкса — Дача хабару
- арт. 376 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя выраб, набыццё або збыт сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі
- арт. 375 Крымінальнага кодэкса — Наўмыснае разгалашэнне службовай тайны
Вынік суда: 6 гадоў і 6 месяцаў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму
Дата вызвалення: 19 лютага 2021
Суддзя: Белавус Ілля
Групы: Выкладчыкі, Навукоўцы
Справы: Салідарнасць з палітвязнямі
Міхаіл Жамчужны нарадзіўся ў 1955 г. у Віцебску. Працаваў у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Дацэнт, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак. Першы ў краіне зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. Ва універсітэце кіраваў лабараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловага вырабу вадароду.
У 2006 годзе навуковымі распрацоўкамі і дзейнасцю навукоўца нечакана зацікавіўся КДБ. Супраць кіраўніка лабараторыі распачалі крымінальную справу. Міхаілу прапанавалі супрацоўнічаць з КДБ: даць паказанні супраць начальства. Але ён адмовіўся. У 2007 годзе яго асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 210 Крымінальнага кодэкса «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».
Пасля вызвалення ў 2012 годзе Міхаіл вырашыў заняцца дзейнасцю ў сферы правоў зняволеных. Ён стаў сябрам арганізацыі "Платформа", дзе займаўся зборам інфармацыі пра сітуацыю ў месцах зняволення. Пасля ліквідацыі "Платформы" стаў сузаснавальнікам новай арганізацыі "Платформа Інавэйшн".
Міхаіла Жамчужнага арыштавалі праз тыдзень пасля абвяшчэння прысуду ў дачыненні да дырэктара ЧКПУ "Платформа Інавэйшн" Андрэя Бандарэнка. Падрабязнасці пра абставіны крымінальнай справы супраць Міхаіла Жамчужнага не выдаюцца. Адвакат адмовіўся ад кантактаў, матывуючы гэта падпіскай пра неразгалошванне звестак.
10 ліпеня 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым па артыкулах 376 (ч. 1, ч. 2), 375 (ч. 1) і 431 (ч. 1, ч. 2) КК (наўмыснае раскрыццё звестак, якія складаюць службовую тайну; незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, што складае службовую тайну; дача хабару). Міхаіла Жамчужнага прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму і пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распараджальных абавязкаў тэрмінам на 2 гады і 8 месяцаў.
Міхаіл Жамчужны, нязгодны з прысудам Віцебскага абласнога суда, падаў скаргу ў Вярхоўны суд. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу, але прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Міхаіл Жамчужны ўжо адбыў большую палову тэрміну. На волю ён павінен выйсці ў студзені 2022 года.
13 ліпеня 2017 г. этапаваны ў папраўчую калонію № 9 ў Горках.
19 лютага 2021 года 65-гадовага палітвязня і грамадскага актывіста Міхаіла Жамчужнага вызвалілі з Горацкай папраўчай калоніі № 9. Раніцай яго пасадзілі пад канвоем у прыгарадны цягнік з Горак на Воршу.
20 лютага 2023 года ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебска адбылося пасяджэнне: суддзя Ілля Белавус прыняў рашэнне спыніць прэвентыўны нагляд у адносінах да Міхаіла Жамчужнага.
23 студзеня 2024 г. Міхаіл быў затрыманы. Вядома, што да яго прыходзілі з ператрусам, пасля чаго мужчына быў затрыманы. На допытах следчы выбіў яму бутэлькай з вадой зубы.
Міхаіл выйшаў з ізалятара 29 студзеня 2024 г. і не заходзячы ў сваю кватэру адключыў сім-карты і жыў у сяброў. Ён штодзень мяняў кватэры і такім чынам хаваўся ад пераследу да 10 лютага. Міхаіл вырашыў з’язджаць з Беларусі праз Расію у Грузію. Але, як ён кажа, выезд з Расіі быў забаронены. У выніку Міхаіл іншым шляхам з’ехаў у Літву.
"Бутэлькай з вадою следчы выбіў мне зубы". Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны пра апошняе затрыманне
Пяць фактаў пра беларускага палітвязня Міхаіла Жамчужнага
"Вясна" ў Дзень Народзінаў палітвязня Міхаіла Жамчужнага прапануе ўспомніць пяць фактаў з яго жыцця.
«Усюды перамагу: і ў навуцы, і ў турме», – Міхаіл Жамчужны
Палітвязень Міхаіл Жамчужны выйшаў на волю пасля шасці з паловай гадоў у калоніі