Міхаіл Міхута
Дата нараджэння: 2 жніўня 1982
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 368 Крымінальнага кодэкса — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
- арт. 367 Крымінальнага кодэкса — Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Вынік суда: 5 гадоў
Від пакарання: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія")
Суддзя: Жук Люцыя
Іншыя пазнакі: Адзінокія бацькі
Групы: Спартсмены
Міхаіла Міхуту абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", а таксама паводле ч. 2 арт. 367 "Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".
Міхаілу Міхуту 40 гадоў. У невялікім мястэчку Зэльва з насельніцтвам менш за 7 тысяч чалавек, у якім ён жыве, яго ведаюць, бадай, усе. Міхаіл — гандбаліст і трэнер па гандболе з вядомай спартовай "дынастыі Міхутаў". Падчас сваёй спартовай кар'еры ён стаў чэмпіёнам Еўропы і віцэ-чэмпіёнам свету ў складзе студэнцкай каманды. Пасля завяршэння кар'еры вярнуўся на малую радзіму і пачаў трэніраваць дзяцей у мясцовай спартовай школе. СМІ называюць яго найлепшым дзіцячым гандбольным трэнерам Зэльвеншчыны і адным з найлепшых — у краіне. У першыя дзесяць гадоў кар'еры ён падрыхтаваў трох прафесійных спартоўцаў рэспубліканскага ўзроўню і некалькі дзясяткаў гандбалістаў абласнога ўзроўню. Пачынаў трэніравацца пад кіраўніцтвам заслужанага трэнера Беларусі Леаніда Гана. Як, зрэшты, і ягоны дзядзька Уладзімір Міхута — адзін з выдатных беларускіх гандбалістаў. Ён тройчы быў чэмпіёнам СССР, тройчы браў Кубак СССР, выйграваў Кубак Кубкаў у складзе мінскага СКА. У 2020 годзе Уладзімір асудзіў гвалт на выбарах і зрабіўся адным з першых падпісантаў так званага ліста свабодных спартоўцаў.
Вядома, што ў Зэльве Міхаіл Міхута жыве разам са сваім 14-гадовым сынам. Былая жонка спартоўца пражывае ў іншым горадзе.
22 жніўня суд Зэльвенскага раёна прызнаў Міхаіла Міхуту вінаватым у здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", а таксама паводле ч. 2 арт. 367 "Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", прысудзіўшы яму мякчэйшае пакаранне — 5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Справу спартоўца разглядала старшыня суда Зэльвенскага раёна Люцыя Жук.
Чэмпіёна Еўропы і віцэ-чэмпіёна свету па гандболе Міхаіла Міхуту асудзілі на 5 гадоў "хатняй хіміі" за рэпосты і каментары пра Лукашэнку