Мікалай Казлоў
Былы палітвязень
Дата нараджэння: 5 студзеня 1967
Дата затрымання: 27 ліпеня 2022
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
- арт. 407 Крымінальнага кодэкса — Разгалошванне дадзеных дазнання, папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння
Вынік суда: 2 гады і 6 месяцаў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Дата пачатку адбыцця пакарання: 21 лютага 2023
Дата вызвалення: 22 ліпеня 2024
Суддзя: Кулік Анастасія
Пракурор: Зубко Іна
Справы: Пратэсты Мінск
Іншыя пазнакі: Сур’ёзныя праблемы са здароўем
Мікалай Георгіевіч Казлоў — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Паводле "Вікіпедыі", нарадзіўся 5 студзеня 1967 года ў Валожыне, вырас у Нясвіжы. Пасля заканчэння Новасібірскага вышэйшага ваеннага агульнавайсковага вучылішча служыў у Закаўказзі і Сярэдняй Азіі, удзельнічаў у міратворчай місіі падчас Карабахскага канфлікта. Пасля распаду СССР вярнуўся ў Беларусь, паступіў на службу ў крымінальны вышук. Працаваў на працягу 17 гадоў старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах крымінальнага вышуку УУС Цэнтральнага раёна Мінска, за гэтыя гады раскрыў сотні злачынстваў. Падпалкоўнік міліцыі запасу.
Ахоўваючы парадак на выбарчым участку ў час парламенцкіх выбараў 2008 года, ён абвінаваціў старшыню ўчастковай камісіі Аляўціну Гладкую і намесніка старшыні Аляксея Пятніцу ў здзяйсненні фальсіфікацыі, калі яны ўвайшлі ў апячатаны пакой і ўкінулі ў скрыню для галасавання пачкі бюлетэняў. Казлоў напісаў пра гэта рапарт начальству, а калі захадаў ніхто не зрабіў, паведаміў у незалежную прэсу. Казлова прасілі адклікаць рапарт, каб замяць справу, але ён праявіў прынцыповасць і неўзабаве пайшоў у запас.
У 2012 годзе ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, у ліпені 2016 года абраны намеснікам старшыні партыі. 4 траўня 2021 года пазбаўлены спецыяльнага звання падпалкоўніка міліцыі запасу.
6 жніўня 2021 быў асуджаны суддзёй Таццянай Шоцік на 3 месяца арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады. Быў прызнаны палітвязнем. 28 снежня 2021 прысуд па справе набыў моц і Мікалай пачаў адбываць прызначаны судом тэрмін у СІЗА-6. Пасля спаткання ў студзені 2022 сястра Мікалая распавяла, што ў камеры ён сядзіць адзін, а ўмовы ўтрымання дрэнныя. Акрамя гэтага, за час зняволення ён атрымаў вымову ад адміністрацыі ізалятара і яго паставілі на прафулік як "схільнага да экстрэмізму".
Мікалай цалкам адбыў тэрмін і 26 сакавіка 2022 г. выйшаў на волю з СІЗА-6.
Быў зноў затрыманы 27 ліпеня 2022 года. Хутка стала вядома, што супраць Мікалая Казлова распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Паводле начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско, "у жніўні 2020 года ён не толькі браў актыўны ўдзел у масавых бясчынствах на вуліцах Мінска, але і актыўна выкарыстоўваў грамадзян Беларусі ў нізінных мэтах сваіх куратараў. Мікалай Казлоў кіраваў радыкальна настроеным натоўпам, даваў пратэстоўцам указанні, заклікаў блакаваць дарогі і перашкаджаць праезду тэхнікі".
Працэс над сябрамі АГП пачаўся 1 лістапада 2022 г. у судзе Першамайскага раёна Мінска. 3 лістапада суддзя Анастасія Кулік прысудзіла палітзняволенаму два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
25 лістапада 2022 г. быў пераведзены ў турму № 4.
31 студзеня 2023 г. у Мінгарсудзе разглядзелі апеляцыйную скаргу лідараў АГП. Суддзя Жанна Брысіна пакінула прысуд без зменаў, а скаргу без задавальнення.
У сярэдзіне лютага палітвязня этапавалі ў магілёўскую ПК № 15. Адразу пасля каранціна Мікалая змясцілі да 26 сакавіка ў карцар.
У пачатку траўня 2023 г. у палітзняволенага памерла маці. Мікалая не адпусцілі з калоніі на пахаванне.
У пачатку ліпеня 2023 г. паплечнікі Мікалая распавялі, што палітзняволены патрапіў у шпіталь з бранхітам.
У сярэдзіне снежня 2023 г. стала вядома, што палітыка ў лістападзе змясцілі ў ПКТ на 2 месяцы.
Выйшаў на волю 22 ліпеня 2024 г.
Да 2,5 гадоў калоніі: вынесены прысуды палітзняволеным лідарам АГП
"Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым". У Мінску судзяць лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі
Лідара АГП Казлова асудзілі да трох месяцаў арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады