Леанід Судаленка
праваабаронца, старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра "Вясна"
Дата нараджэння: 23 верасня
Дата затрымання: 18 студзеня 2021
Прад'яўленыя абвінавачванні:
арт. 342 Крымінальнага кодэксу – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
Месца зняволення: СІЗА-3

Леанід Судаленка – старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра "Вясна", праваабаронца з 20-гадовым стажам аказання дапамогі ў аднаўленні парушаных правоў грамадзянаў. Ён дапамагаў у падрыхтоўцы і накіраванні шматлікіх індывідуальных зваротаў у Камітэт па правах чалавека ААН супраць Беларусі.
На працягу 2020 года Леанід Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу пры абскарджанні пастаноў, вынесеных судом за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах, якія адбываюцца ў Гомелі пасля выбараў прэзідэнта.
Быў затрыманы раніцай 18 студзеня па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У якім статусе знаходзіцца Леанід Судаленка - пакуль невядома. Ён быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
Яшчэ 5 студзеня ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс "Гомельскай Вясны", адбыўся ператрус, які доўжыўся больш за 9,5 гадзін. Увесь гэты час у офісе знаходзіўся Леанід Судаленка. Пасля ператрусу яго даставілі ў УБАЗ, затым адпусцілі. Таксама правялі ператрус у яго доме.
За сваю праваабарончую дзейнасць быў удастоены прэстыжнай французскай прэміі "Свабода-Роўнасць-Братэрства" ў 2019 годзе. У тым жа годзе беларускай праваабарончай супольнасцю ён быў узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі "Праваабаронца года".
21 студзеня быў пераведзены ў СІЗА, срок яго ўтрымання пад вартай працягнулі на 10 дзён.
![]()
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асудзіла адвольнае затрыманне сябраў “Вясны” Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенка