Яўген Ракевіч
Былы палітвязень
Дата нараджэння: 31 сакавіка 1990
Дата затрымання: 30 верасня 2021
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады
- арт. 130 Крымінальнага кодэкса — Распальванне варожасці ці варажнечы
Вынік суда: 2 гады
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Дата вызвалення: 31 сакавіка 2023
Суддзя: Цяплова Ірына
Справы: Справа Зельцэра
Яўген Алегавіч Ракевіч быў затрыманы ў Стоўбцах па крымінальнай справе, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
Вядома, што Яўген праходзіць па крымінальнай справе паводле артыкулаў 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 3 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці).
Пасля затрымання знаходзіўся ў ІЧУ на Акрэсціна. Пазней быў пераведзены ў магілёўскі СІЗА.
24 жніўня 2022 г. у Магілёўскім абласным судзе Яўгена прызналі вінаватым і прызначылі яму 2 гады зняволення і штраф 100 базавых велічыняў. Падчас судовага пасяджэння палітвязень прызнаў сваю віну часткова, патлумачыўшы, што каментары напісаў, паддаўшыся эмоцыям.
21 лістапада Яўгена этапавалі з магілёўскай турмы № 4 у віцебскую ПК № 3.
Па інфармацыі праваабаронцаў, у сакавіку 2023 г. палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.