Ягор Вяршынін
Былы палітвязень
Дата нараджэння: 20 траўня 1990
Дата затрымання: 11 чэрвеня 2021
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
Вынік суда: 2 гады
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Дата вызвалення: 10 чэрвеня 2023
Суддзя: Карсюк Дзмітрый
Пракурор: Цвяткоў Арцём
Справы: Пратэсты Мінск
Групы: Сілавікі
Ягор Андрэевіч Вяршынін — былы следчы. Ягор больш за шэсць гадоў адпрацаваў у Следчым камітэце, займаўся расследаваннем эканамічных злачынстваў. Звольніўся ў 2019 годзе, займаўся спартыўнай аналітыкай і планаваў ісці ў IT.
Ён абвінавачаны па частцы 1 артыкула 342 КК — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Быў затрыманы 11 чэрвеня 2021 года і змешчаны пад варту ў СІЗА.
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 8 кастрычніка асудзілі па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу 31-гадовага Ягора Вяршыніна. Суддзя Дзмітрый Карсюк за дзень разглядзеў справу супраць палітвязня і пакараў яго двума гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Такое пакаранне запрасіў пракурор Арцём Цвяткоў. Вяршыніна абвінавацілі ва актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак — ва ўдзеле ў Маршах 23 і 30 жніўня ў Мінску. Галоўнымі доказамі віны Ягора сталі два фотаздымкі з Марша, якія праваахоўным органам з закрытай асабістай старонкі ў фэйсбуку прадаставіў мужчына, супраць якога калісьці вёў справу як следчы Вяршынін. Ягор віну не прызнаў. На судзе ў кайданках дапыталі сябра абвінавачанага Яўгена Юшкевіча, якога абвінавачваюць у тэрарызме.
На пачатку снежня 2021 з'явілася інфармацыя аб пераводзе Ягора з СІЗА-1 у СІЗА-2, а на пачатку лютага 2022 — з СІЗА-2 у ПК № 3 (Віцьба).
У чэрвені 2023 г. стала вядома, што палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
Палітзняволенага экс-следчага Ягора Вяршыніна пакаралі 2 гадамі калоніі за ўдзел у двух Маршах
«Вясна» падрабязна распавядае пра суд над палітзняволеным былым следчым.
"2020 год для беларусаў быў досыць складаным і падзяліў людзей на дзве групы, гэта значыць, што адна — гэта тыя, каго ўсё задавальняе, і хто не выказвае ніякіх поглядаў і меркаванняў. І тыя, хто не змог упісацца ў гэтую карціну. Мяркую, што я далучыўся да другой групы, то бок да групы, якая не зусім згодная з тым, што адбывалася. Я канкрэтна маю на ўвазе той гвалт, які адбываўся ў постэлектаральны перыяд, адсутнасць прававой ацэнкі і рэакцыі на гэты гвалт. Гэта тое, што заахвоціла мяне далучыцца да гэтых Маршаў. Заўважу таксама, што інкрымінаванае мне ў якасці злачынства цалкам ўпісваецца ў форму масавых сходаў: шэсця, дэманстрацый і мітынгаў. У той частцы, калі гэтыя формы несанкцыянаваныя адпаведным чынам і органамі выканаўчай улады, як правіла нясуць адміністрацыйную адказнасць. Таксама адзначу, што многія з удзельнікаў падобных масавых сходаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і мітынгаў згодна з заканадаўчай дэфініцыяй могуць ісці як па тратуары, так і па праезнай частцы.
На мой погляд, да прычынаў і ўмоваў можна аднесці электаральную кампанію і постэлектаральныя падзеі, таксама гвалт, які адбываўся ў дачыненні да грамадзянскіх асобаў. Акрамя таго, я хацеў бы заўважыць, што органамі папярэдняга следства дапушчаная памылка, і мне інкрымінаваны актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць парадак, пры парушэнні артыкула 10 закона аб масавых сходах. Варта ўлічыць, што гэты артыкул прадугледжвае правілы арганізацыі, правілы ўдзелу ў масавых сходах для арганізатараў. Я не з'яўляўся арганізатарам масавых сходаў, і мая роля следствам вызначана як актыўны ўдзельнік, зноў жа, не арганізатар.
Для ўдзельнікаў масавых сходаў ёсць адміністрацыйны артыкул. Таму лічу, што ў маіх дзеяннях адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны артыкулам 342 Крымінальнага кодэкса. Дадзенага злачынства я не здзяйсняў і лічу, што мой крымінальны пераслед не аб'ектыўны, не ўсебаковы, прадузяты і, магчыма, ён ажыццяўляўся па матывах грамадска-палітычных меркаванняў, для чаго і праводзяцца масавыя сходы. Лічу, што прысуд павінен быць апраўдальным, і не толькі ў дачыненні да мяне, але і іншых асобаў, якія прызнаныя палітычнымі зняволенымі, якія пераследуюцца з гэтай жа мэтай", — сказаў у апошнім слове палітвязень.
На Валадарцы па «народным» артыкуле сядзіць былы следчы Ягор Вяршынін. Што пра яго вядома?