Ігар Шуканаў
Палітвязень
Дата затрымання: 1 жніўня 2024
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
- арт. 367 Крымінальнага кодэкса — Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Месца зняволення: СІЗА-3
Групы: Рабочыя

Ігар Мікалаевіч Шуканаў — супрацоўнік лабараторыі інфарматыкі і сувязі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.
Яго жорстка затрымалі першага жніўня 2024 году на працоўным месцы. Нафтаперапрацоўшчыка вывезлі за прахадную завода і зладзілі ягонае паказальнае збіццё. Пасля сілавікі апублікавалі відэа з ім на праўладных каналах. На ім была бачная вялізная гематома і рассечаная скура пад-над правым брывом.
Першага жніўня ў судзе Мазырскага раёна адбыўся адміністрацыйны суд над ім. Мужчыну абвінавачвалі паводле артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Верагодна яму прызначылі суткі, пасля якіх Ігар не выйшаў.
Затым на Ігара была заведзена крымінальная справа аб паклёпе на Лукашэнку (арт. 367 КК) і ўдзеле ў мірным сходзе (арт. 342 КК). 26 лютага 2025 года ў Мазырскім раённым судзе яго справу пачаў разглядаць суддзя Анатоль Стрэльчанка.