Дзмітрый Сончык
Былы палітвязень
Дата нараджэння: 26 кастрычніка 1975
Дата затрымання: 28 чэрвеня 2021
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 364 Крымінальнага кодэкса — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў
- арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады
Вынік суда: 3 гады
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Дата вызвалення: 23 сакавіка 2024
Суддзя: Карсюк Дзмітрый
Пракурор: Цвяткоў Арцём
Групы: Дзеячы культуры
Іншыя пазнакі: Сур’ёзныя праблемы са здароўем
Сончык Дзмітрый Міхайлавіч быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па сукупнасці пакаранняў шляхам паглынання менш строгага тэрміна больш строгім: два гады "хатняй хіміі" — паводле арт. 369 КК і тры гады пазбаўлення волі ў калоніі — паводле арт.364 КК. Таксама Сончык мусіў выплаціць двум пацярпелым па тры тысячы рублёў маральнай шкоды, 174 рублі дзяржпошліны.
Паводле абвінавачвання, Дзмітрый Сончык абразіў і выказаў пагрозу жыццю чатырох чалавек у каментарах у адным з тэлеграм-каналаў цягам 2020-2021 гадоў. Пацярпелыя — А. Пераходзька з Івацэвіцкага РАУС, начальнік Нясвіжскага РАУС А. Грынкевіч, старшы лейтэнант Нясвіжскага РАУС Р. Праневіч і супрацоўнік ГУБАЗіКа А. Алёкса.
Сончык цалкам прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказанняў на пасяджэнні. На судзе зачыталі ягоныя паказанні падчас папярэдняга следства. Тады ён тлумачыў, што пісаў каментары праз эмоцыі, пасля прагляду відэа збіцця і затрыманняў, абураны неправамоцнымі дзеяннямі супрацоўнікаў. Але падкрэсліў, што не збіраўся ажыццяўляць пагрозы.
У апошнім слове адзінае, што сказаў Сончык, — павіншаваў сястру і маці, якія знаходзіліся ў судовай залі, з надыходзячым Днём маці. Увесь час ён знаходзіўся за кратамі ў кайданках.
Адбывае пакаранне ў ПК № 2.
Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", у лістападзе 2021 года ў магілёўскай турме ў 47-гадовага палітвязня Дзмітрыя Сончыка здарыўся інфаркт, а пасля — інсульт. Каля месяца ён прабыў у гарадской бальніцы, прышпілены кайданкамі да ложка, пад наглядам канваіраў і відэакамеры, а потым яго вярнулі ў турму, дзе догляд за ім ажыццяўлялі сукамернікі. Дзмітрыя вызначылі ў атрад пенсіянераў, нягледзячы на тое, што ён не падыходзіць па ўзросце. Яму прызначылі пенсію па інваліднасці (другой рабочай групы), але яна да яго не даходзіць з-за вылікаў калоніі.
Былыя вязні калоніі № 2 распавялі, што ў лістападзе 2023 г. Дзмітрый утрымліваецца ў медчастцы. У палітвязня нібыта назіраюцца праблемы з псіхічным здароўем, таму мясцовыя лекары пад выглядам гэтага выдаюць яму нейкія лекі. "Лячэнне" пачалося яшчэ да таго, як палітвязня змясцілі ў медчастку. Супрацоўнікі ПК-2 хочуць этапаваць Дзмітрыя на абследванне ў гомельскую псіхіятрычную бальніцу, але ён адмаўляецца. Таксама вязні распавялі, што ў яго праблемы з карэспандэнцыяй. Былыя зняволеныя, якія звязаліся з праваабаронцамі, вельмі занепакоеныя станам Дзмітрыя пасля яго "лячэння" ў медчастцы ў калоніі.
Выйшаў на волю 23 сакавіка 2024 г.
У палітвязня ў турме здарыўся інфаркт і інсульт. Яго адправілі ў калонію
Вясельнага фатографа асудзілі да трох гадоў калоніі за некалькі каментароў