Асуджаны судом Пухавіцкага раёна
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 366 Крымінальнага кодэкса — Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак
Вынік суда: 1 год і 6 месяцаў
Від пакарання: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія")
Іншыя пазнакі: Вайна ва Украіне
Званок у вайсковы камісарыят праз падзеі ва Украіне прыводзіць да прысуду
Праваабаронцам стала вядома пра прысуд суда Пухавіцкага раёна паводле ч. 1. арт. 366 — «Гвалт або пагроза гвалтам, знішчэннем ці пашкоджаннем маёмасці ў дачыненні да службовай асобы». Пацярпелым з'яўляецца ваенны камісар Пухавіцкага раёна, якому адзін з жыхароў патэлефанаваў 3 сакавіка 2022 года, каб «пагутарыць з ім пра падзеі, якія адбываюцца ва Украіне, і паспрабаваць спыніць ваенныя дзеянні». Як растлумачыў сам абвінавачаны на судзе, падчас гутаркі ён на эмоцыях выказаў у адрас ваеннага камісара пагрозы гвалтам, бо той заклікаў грамадзян на вайсковую службу. Сваю віну абвінавачаны падчас судовага працэсу прызнаў цалкам.
Тэлефанаванне доўжылася 6 хвілінаў і 19 секунд. Суд палічыў, што «выказаная пагроза ўжывання гвалтам з'яўлялася рэальнай, таму што абвінавачаны, дзейнічаючы ва ўмовах напружанага ваенна-палітычнага становішча, зместам і формай сваіх выказванняў выклікаў у пацярпелага пачуццё страху за сваіх блізкіх». Сам ваенны камісар адзначыў, што пагрозы ўспрыняў рэальна, «бо ўпершыню апынуўся ў падобнай сітуацыі і, не ведаючы праўдзівых намераў і магчымасцяў абвінавачанага, пачаў асцерагацца за жыццё сваіх блізкіх».
Вядома, што абвінавачаны да суда знаходзіўся пад вартай. Суд прысудзіў яго да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў. Смартфон, з якога тэлефанавалі ў вайсковы камісарыят, належыць канфіскаваць.