Артур Вішнявецкі
Былы палітвязень (прызнаны постфактум)
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 370 Крымінальнага кодэкса — Здзек з дзяржаўных сімвалаў
Вынік суда: 3 месяцы
Від пакарання: арышт
Суддзя: Панасенка Наталля
Групы: Студэнты
12 ліпеня 2022 года суд Ленінскага раёна горада горада Магілёва асудзіў студэнта 3-га курса Артура Андрэевіча Вішнявецкага.
Яго абвінавацілі ў "знявазе дзяржаўных сімвалаў", а менавіта чырвона-зялёнага сцяга Беларусі (арт. 370 Крымінальнага кодэкса).
Паводле абвінавачвання, Вішнявецкі 20 траўня 2022 а другой гадзіне ночы, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, падышоў да аднаго з аддзяленняў банка, схапіў сцяг, які там вісеў, і пацягнуў яго долу, "праз што флагшток выпаў з металічнага трымальніка і паваліўся на зямлю". Пасля гэтага студэнт узяў у рукі сцяг і, размахваючы ім, прайшоўся ўздоўж будынка. А пасля кінуў сцяг на зямлю. Такія дзеянні студэнта абвінавачванне ацаніла як адкрытую праяву "абразлівых", "блюзнерскіх" і "грэблівых" адносінаў.
Суддзя Наталля Панасенка адзначыла:
"Вішнявецкі, з'яўляючыся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, абавязаны паважліва ставіцца да сімвалаў Рэспублікі Беларусь".
Сваю віну хлопец прызнаў і адзначыў, што здзейсніў гэтае "злачынства", таму што знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.
У выніку Артура Вішнявецкага асудзілі да арышту на тэрмін у 3 месяцы. Да суда студэнт знаходзіўся пад вартай, таму ў тэрмін ягонага пакарання будзе залічаны тэрмін знаходжання пад вартай з разліку адзін дзень да аднаго.
Дзяржаўныя сімвалы