Арцём Анішчук

Былы палітвязень

Дата нараджэння: 20 чэрвеня 1988

Дата затрымання: 29 верасня 2020

Прад'яўленыя абвінавачванні:

  • ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса — Хуліганства, здзейсненае групай асобаў
  • арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады
  • арт. 411 Крымінальнага кодэкса — Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы

Вынік суда: 3 гады

Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму

Дата вызвалення: 18 траўня 2023

Суддзя: Шаўцоў Віктар, Нікіфарава Ксенія

Арцём, фота з сацсетак

Арцём Ігаравіч Анішчук — фігурант справы аб пашкоджанні аўтамабіля Аляксандра Гейца — намесніка начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы Дэпартамента выканання пакаранняў.

Суд Мінскага раёна 3 лютага 2021 вынес прысуды па крымінальнай справе супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня у Баравой. Іх абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). Матэрыяльная шкода машыны склала 5 222 рублёў 88 капеек. Суддзя Віктар Шаўцоў пакараў Арцёма двума гадамі калоніі

Арцём заяўляў пра катаванні і збіццё ў магілёўскай ПК-15, супраць яго заводзілі крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Арцёма ў верасні перавялі ў бабруйскую калонію №2. Таксама стала вядома, што супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу па арт. 369 Крымінальнага кодэкса — за абразу міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце да яго затрымання. Па гэтым факце як сведку дапытвалі яшчэ аднаго фігуранта справы «пяцёркі» Паўла Сахарчука.

Арцёма ўтрымлівалі 40 сутак запар у ШІЗА, дзе на яго накінуўся зняволены з псіхічнымі захворваннямі і падрапаў яму станком спіну.

Як стала вядома праваабаронцам у верасні 2021 года, распачатая ў калоніі справа за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы" павінна быць спыненая, бо пракуратура прызнала незаконным пакаранне ў выглядзе ПКТ у дачыненні да Анішчука, аднак справа дагэтуль не закрытая. Праваабаронцам вядома, што на Арцёма ў калоніі аказваецца ціск.

Арцём мусіў выйсці на свабоду, адбыўшы цалкам тэрмін у два гады, 29 чэрвеня 2022 г. Але яго перавялі з калоніі ў следчую турму № 4 для "правядзення следчых дзеянняў" і ўзялі пад варту па новай крымінальнай справе паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. 25 ліпеня 2022 г. у судзе Ленінскага раёна Магілёва суддзя Ксенія Нікіфарава склала прысуды па двух крымінальных справах (нават па той, па якой ён цалкам адбыў тэрмін) і прызначыла палітвязню ў суме тры гады калоніі, два з якіх ён адбыў. Арцём на судзе віну не прызнаў і заявіў, што новая крымінальная справа — гэта помста начальніка калоніі № 15, дзе ён зазнаваў катаванні і збіццё. У выніку палітвязню засталося адбываць яшчэ каля года зняволення.

У Магілёўскім абласным судзе 22 верасня 2022 г. разглядзелі апеляцыйную скаргу палітзняволенага. Суддзя Сяргей Каралёў пакінуў прысуд без зменаў. Неўзабаве палітвязня перавялі з турмы № 4 у СІЗА-3, а на пачатку кастрычніка — у бабруйскую ПК № 2.

У кастрычніку МУС уключыў палітвязня ў спіс "асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".

18 траўня 2023 г. палітзняволены выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

Палітвязня Арцёма Анішчука асудзілі па новай крымінальнай справе яшчэ на год калоніі

"Я лічу, што ў адміністрацыі ПК [№ 15] не атрымалася на мяне павесіць артыкул 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае парушэнне рэжыму), якую пракуратура палічыла незаконным і адмяніла. Пасля гэтага начальнік калоніі [ПК № 15] сказаў, што "я цябе ў спакоі не пакіну і зраблю ўсё, каб дадаць табе тэрмін". "У мяне ёсць знаёмыя суддзя, пракуроры", — гэта ягоныя словы. І калі справа па арт. 411 КК была прыпынена, то той жа следчы, які вёў справу па арт. 411 КК, пачаў праверку па арт. 369 КК".

Арцёма Анішчука не выпусцілі на волю — яго ўзялі пад варту па новай справе

28 чэрвеня, за дзень да вызвалення, Арцёму ўручылі пастанову пракурора Магілёва, згодна з якой Анішчука узялі пад варту ўжо па новай крымінальнай справе. Пры гэтым на момант здзяйснення «злачынства» дзейнічала старая рэдакцыя артыкула 369 Крымінальнага кодэкса, якая не прадугледжвала меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

Супраць Арцёма Анішчука ўзбудзілі новую крымінальную справу і этапавалі ў магілёўскую турму

Арцём мусіў выйсці на свабоду, адбыўшы цалкам тэрмін у два гады, 29 чэрвеня. Але ён стаў падазраваным па арт. 369 Крымінальнага кодэкса і яго перавялі з калоніі ў следчую турму № 4 для "правядзення следчых дзеянняў".

ШІЗА і правакатар: ціск на Арцёма Анішчука ў калоніі працягваецца

7 красавіка Арцём выявіў, што ў сухафрукты, якія захоўваліся ў яго рэчах на складзе, залілі вадкі сродак для мыцця посуду. А за два-тры тыдні да гэтага Арцём распавёў адвакату, што да яго "пасадзілі правакатара", з якім ён вымушаны дзяліць адну тумбачку. Па словах Арцёма, той складваў туды забароненыя рэчы, якія прыпісвалі Арцёму.

Арцём Анішчук у магілёўскай калоніі праглынуў металічныя прадметы, каб яго спынілі катаваць

"Ён праглынуў металічныя прадметы з мэтай пазбегнуць далейшых катаванняў. Таксама адміністрацыя ПК-15 з 13 траўня 2021 года перашкаджае яму ў сустрэчы са сваім адвакатам. Не выдае яму ручку і паперу, прымушае пісаць адмовы ад сустрэчы з адвакатам, таксама прымушаюць пісаць лісты сваякам, у якіх ён паведамляе, што нібыта ўсё добра. На самай справе, усё напісанае было пад дыктоўку адміністрацыі калоніі. Акрамя гэтага, праводзіліся “допыты” без следчага, але з прысутнасцю 4 чатырох чалавек у памяшканні» з вялікай верагоднасцю, супрацоўнікі спецслужбаў)".

Жонка зняволенага Арцёма Анішчука: Пасля пракурорскай праверкі мужа збіваў начальнік калоніі

Арцёма з 8 чэрвеня ўтрымліваюць у ШІЗА. Сёння стала вядома, што пасля пракурорскай праверкі па фактам апублічвання інфармацыі пра тое, што мужчына праглынуў металічныя прадметы, каб яго перасталі катаваць, мужчыну асабіста збіваў начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка. Таксама Арцёму не аказалі ніякай медычнай дапамогі пасля таго, як ён праглынуў чатыры металічных прадметы (болт, гайку, пласцінку і кручок). Яму зрабілі толькі флюараграфію. Пра катаванні і ціск на мужа праваабаронцам распавяла ягоная жонка Вольга.

"Будзеш сядзець ад званка да званка". Катаванні, бясконцыя ШІЗА, ціск: што вядома пра асуджаных па "справе пяцёркі"

Пасля чатырох месяцаў здзекаванняў і катаванняў у магілёўскай калоніі №15 Арцёма Анішчука перавялі у гомельскае СІЗА. Родныя зняволеных звязваюць ціск на сваіх блізкіх у калоніях з тым, што яны трапілі пад ведамства пацярпелага па справе, па якой іх асудзілі. Аляксандр Гейц з'яўляецца намеснікам начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы, у тым ліку ў калоніях.

Да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд вынес прысуды пяці мінчукам, якія пашкодзілі машыну жонкі міліцыянта

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»