Аляксей Сцерлікаў
інжынер-будаўнік
Былы палітвязень
Дата нараджэння: 23 чэрвеня 1984
Дата затрымання: 23 верасня 2020
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 363 Крымінальнага кодэкса — Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак
Вынік суда: 4 гады
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Дата вызвалення: 3 траўня 2024
Суддзя: Янкоўскі Генадзь
Пракурор: Дзіндзялевіч Вольга
Справы: Пратэсты Мінск
Аляксей Мікалаевіч Сцерлікаў — інжынер-будаўнік з Мінска. Яму было прад'яўленае абвінавачванне па частцы 2 артыкула 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучанае з пагрозай прымянення гвалту).
Падзеі, якія ляглі ў аснову абвінавачвання, адбыліся 23 верасня 2020 года, пасля інаўгурацыі Лукашэнкі — у той дзень Сцерлікаў спрабаваў з'ехаць ад людзей у камуфляжнай форме, а пры затрыманні яго збівалі ў машыне.
Паводле абвінавачвання, Сцерлікаў, кіруючы аўтамабілем, рухаючыся па сустрэчнай паласе, паблізу праспекта Дзяржынскага (Мінск), не падпарадкаваўся лейтэнанту міліцыі Завадскаму, які выконваў абавязкі па ахове грамадскага парадку, які патрабаваў спыніць транспартны сродак. Далей па вуліцы Разінскай, 59 не падпарадкаваўся патрабаванням спыніць машыну і, пачаўшы рух заднім ходам, здзейсніў наезд на Завадскага. Ад гэтага ў Завадзкага пашкодзілася форменнае абмундзіраванне і застаўся сіняк на плячы, некалькі ранак.
Абвінавачаны не прызнаў віну ў тым, што збіраўся ўжыць гвалт. З моманту затрымання 23 верасня 2020 года да суда ён знаходзіўся пад вартай.
3 сакавіка 2021 года суд прызнаў Аляксея Сцерлікава вінаватым у частцы 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса РБ і прысудзіў да 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Кампанія, у якой працаваў Сцерлікаў (паколькі ёй належаў аўтамабіль, за рулём якога ён быў) павінна выплаціць пацярпеламу інспектару ДАІ Максіму Завадскаму маральную шкоду сумай у 10 000 беларускіх рублёў.
Адбываў пакаранне ў ПК № 17.
Выйшаў на волю ў пачатку траўня 2024 г.
"Маё жыццё бясцэнна" і пазоў у 20 000 рублёў. Пачаўся суд над Сцерлікавым, дзе пацярпелы — супрацоўнік ДАІ
Праслухоўка ў камеры ІЧУ і відэа з брутальным затрыманнем. Што лягло ў доказную базу віны Сцерлікава