Аляксандр Козак

Дата затрымання: 14 сакавіка 2022

Прад'яўленыя абвінавачванні:

арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады

Вынік суда: 2 гады

Від пакарання: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія")

Суддзя: Станкевіч Лявонцій

Аляксандр Козак быў асуджаны 19 траўня ў судзе Драгічынскага раёна. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Па гэтай справе Аляксандра Козака затрымалі 14 сакавіка 2022 года — тады ён знаходзіўся пад вартай тры дні, пасля з 19 красавіка быў пад хатнім арыштам.

Згодна з абвінавачваннем, Аляксандр Козак у перыяд з 22 па 24 студзеня 2022 года ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте", знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, размясціў два абразлівыя паведамленні ў адрас мясцовага маёра міліцыі ДАІ.

Козак на судовым працэсе сваю віну прызнаў цалкам. Ён растлумачыў, што раней некалькі разоў праходзіў праз адміністрацыйныя спагнанні за кіраванне аўтамабілем без правоў. У сувязі з гэтым ён затаіў крыўду на гэтага супрацоўніка ДАІ. А ў студзені 2022 года Козак быў у запоі, ад яго сышла жонка — і тады ён і напісаў два абразлівыя паведамленні. Пасля таго як працверазеў, ён іх выдаліў.

Сам супрацоўнік ДАІ падчас суда пацвердзіў, што ён і ягоныя падначаленыя сапраўды датычныя да шматразовых адміністрацыйных спагнанняў Козака, а каментары абвінавачанага нанеслі яму маральныя пакуты. У сувязі з гэтым супрацоўнік ДАІ папрасіў суд спагнаць з Козака 5 000 беларускіх рублёў у кошт кампенсацыі маральнай шкоды.

Аднак суддзя Лявонцій Станкевіч звярнуў увагу на "невысокае матэрыяльнае становішча абвінавачанага" і пастанавіў спагнаць з Аляксандра Козака ў кошт маральнай кампенсацыі пацярпеламу супрацоўніку ДАІ 3 000 беларускіх рублёў. Таксама суд прызначыў Козаку штраф у памеры 3 200 рублёў у даход дзяржавы, і, акрамя таго, пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").

Сваю пазіцыю суддзя аргументаваў тым, што раней Козак двойчы быў асуджаны за крадзяжы, але "на шлях выпраўлення не стаў".

Маладзечна, Мазыр, Жабінка, Драгічын... Падборка рэгіянальных дыфамацыйных прысудаў

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ).

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»