Аляксандр Мірскі
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 356 Крымінальнага кодэкса — Здрада дзяржаве
Вынік суда: 7 гадоў і 6 месяцаў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Суддзя: Шылько Алена
Месца зняволення: ПК № 22
Групы: Бізнесмены, Дзяржслужачыя
Аляксандр Іванавіч Мірскі - былы кіраўнік Рэспубліканскага турыстычнага саюза. У прапагандысцкім фільме АНТ Аляксандр кажа, што ў 2015 годзе прыехаў у Літву, дзе яго "жорстка прынялі" мясцовыя супрацоўнікі Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі. Пры дапамозе шантажу яго прымусілі супрацоўнічаць з ведамствам. У фільме ён паказаны з "экстрэмісцкай" жоўтай біркай.
Сцвярджаецца, што цягам сямі гадоў перыядычна сустракаўся з супрацоўнікамі дэпартамента. Ён меў шмат знаёмых у розных сферах у Беларусі, і супрацоўнікаў літоўскіх спецслужбаў цікавілі звесткі аб некаторых з іх. Усяго экс-кіраўнік турсаюза перадаў у Літву звесткі больш чым пра 100 людзей. Як гаворыцца ў роліку, Аляксандр Мірскі атрымаў доступ да "некалькіх выданняў тэлефоннага даведніка Нацбанка" і некалькіх камерцыйных банкаў.
Верагодна, гэта ўсё легла ў аснову абвінавачвання паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса.
У Мінскім гарадскім судзе за "зрадау дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса) яго асудзілі да сямі з паловай гадоў калоніі. Справу супраць яго ў закрытым рэжыме разглядала Алена Шылько на сямі судовых пасяджэннях. Прысуд быў вынесены яшчэ 11 жніўня 2023 года.
Тэрмін Мірскі адбывае ў калоніі № 22 у Івацэвічах.
Экс-кіраўніка Рэспубліканскага турыстычнага саюза асудзілі да 7,5 гадоў калоніі за "здраду дзяржаве"