Аляксандр Кулініч
памёр 9 красавіка 2024 году ў брэсцкім СІЗА
Былы палітвязень
Дата нараджэння: 11 красавіка 1972
Дата затрымання: 29 лютага 2024
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 368 Крымінальнага кодэкса — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Вынік суда: невядомы
Суддзя: Скалковіч Марына
Памёр у турме
Групы: Бізнесмены, Ваенныя
Іншыя пазнакі: Сур’ёзныя праблемы са здароўем
Аляксандр Мікалаевіч Кулініч нарадзіўся ў Маладзечне 11 красавіка 1972 года (яму споўнілася б 52 гады). Ён быў падпалкоўнікам запасу, служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Брэсцкай брыгадзе ПДВ. Апошнім часам працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся харчовымі дабаўкамі. Як расказалі крыніцы выдання, Аляксандр Кулініч памёр 9 красавіка 2024 году ў брэсцкім СІЗА праз ішэмічную хваробу сэрца: гэтая прычына пазначана ў выснове аб смерці. У СІЗА № 7 Брэста журналістам сказалі, што зняволены з такім імем у іх знаходзіўся, але факт смерці пацвярджаць адмовіліся.
Вядома, што Аляксандра затрымалі за каментары, якія ён пакінуў у 2020 годзе. Здарылася гэта 29 лютага 2024 г. у вёсцы Дорагава Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. 1 сакавіка "пакаяльнае" відэа з’явілася ў адным з тэлеграм-каналаў, набліжаных да сілавікоў. Але ў ім былі кадры затрымання са шматкватэрнага дома. Сваякі і сябры памерлага кажуць, што на відэа з кватэры не Аляксандр. А ўжо далей у роліку сам Аляксандр кажа, што яго затрымалі "за каментары ў інтэрнэце". "У адным з акаўнтаў я напісаў пад выступам прэзідэнта "скот", — патлумачыў мужчына.
Яго абвінавачвалі паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу. Мужчыну затрымалі 29 лютага ў Брэсце, з таго часу ён знаходзіўся ў зняволенні. Суд над ім меўся адбыцца 16 красавіка 2024 г.
Аляксандра Кулініча пахавалі у дзень яго нараджэння, 11 красавіка 2024 г., у родным Маладзечне.
Справу з 16 красавіка па 31 траўня 2024 года разгледзела суддзя Скалковіч Марына.
12 ліпеня 2024 года будзе разгледжана апеляцыя на прысуд. Старшыня судовай калегіі Карасінскі Дзмітрый.
Аляксандра Кулініча не было ў спісе палітычных зняволеных, бо, на жаль, праваабаронцы не ведалі пра ягоны пераслед. Безумоўна, ён з'яўляўся палітвязнем. Такім чынам, гэта ўжо шосты палітзняволены, які памёр за кратамі. Праваабаронцы "Вясны" выказваюць спачуванні родным і блізкім палітвязня.
«Проста не прачнуўся раніцай». Пагаварылі з сынам і сябрам памерлага ў СІЗА Аляксандра Кулініча, абвінавачанага ў абразе Лукашэнкі
У брэсцкім СІЗА памёр Аляксандр Кулініч, якога абвінавачвалі ў абразе Лукашэнкі