Алена Нараленкава

Прад'яўленыя абвінавачванні:

  • арт. 368 Крымінальнага кодэкса — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Вынік суда: 1 год і 6 месяцаў

Від пакарання: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія")

Суддзя: Кармановіч Сяргей

Іншыя пазнакі: Сур’ёзныя праблемы са здароўем

Ліквідатарка аварыі на ЧАЭС — актыўная карыстальніца «экстрэмісцкіх» каналаў

6 траўня ў судзе Цэнтральнага раёна горада Гомеля вынеслі прысуд Алене Нараленкавай, якую абвінавацілі ў абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 1. арт. 368 КК).

Паводле абвінавачвання, Нараленкава абразіла прэзідэнта праз паведамленне ў мэсэнджары Telegram. Сама Алена віну не прызнала і падчас судовага пасяджэння выказала здагадку, што ейны каментар ускосна можна расцаніць як абразлівы для прэзідэнта, але такога намеру ў яе не было. І наогул, ейнае паведамленне было адрасаванае не прэзідэнту, а іншаму чалавеку — карыстальніку, які напісаў каментар з выкарыстаннем фраз, выказаных Лукашэнкам. Гэта значыць, што Нараленкава адказвала на каментар іншага карыстальніка.

Суд у асобе суддзі Сяргея Кармановіча гэтаму не паверыў. Але ўзяў пад увагу тое, што Нараленкава з'яўляецца «актыўнай карыстальніцай і падпісчыцай экстрэмісцкіх Telegram-каналаў».

Вядома, што Алена Нараленкава мае статус удзельніцы ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама пацярпелай ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і мае хранічнае захворванне. Гэта падчас вынясення прысуду суд прызнаў акалічнасцямі, што змякчаюць адказнасць. Аднак вылучыў і акалічнасці, што яе абцяжарваюць, — а гэта «здзяйсненне злачынства паводле матываў палітычнай варожасці, пра што сведчаць шматлікія фразы і каментары, якія размяшчаюцца Нараленкавой у адкрытым доступе ў Інтэрнэце».

У выніку суддзя Кармановіч прызначыў Алене Нараленкавай пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ (т. зв. «хатняя хімія») тэрмінам на паўтара года. Акрамя таго, мабільны тэлефон жанчыны, з якога яна пісала каментар, суд пастанавіў канфіскаваць.

Прыбіральшчыца, рэабілітолаг, машыніст і ліквідатарка аварыі на ЧАЭС. Каго і як судзілі за абразы прэзідэнта, суддзі, міліцыянтаў і ваеннага камісара?

Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні паводле крымінальных спраў, звязаных з нецярпімасцю беларускіх улад да любых формаў праяваў пратэсту. Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ). Тут сабраныя прысуды, якія сталі вядомыя праваабаронцам за апошні час.

 

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»