Алег Крычкоўскі
Былы палітвязень
Дата затрымання: 23 траўня 2022
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 368 Крымінальнага кодэкса — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Вынік суда: 1 год і 6 месяцаў
Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Дата вызвалення: 20 жніўня 2023
Суддзя: Бясецкі Уладзімір
Пракурор: Коласава Вольга
Алег Багданавіч Крычкоўскі быў абвінавачаны ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
У судзе г. Полацка 30 верасня 2022 г. справу разглядаў суддзя Уладзімір Бясецкі. Бок абвінавачання прадстаўляла старшы памочнік пракурора Вольга Коласава.
Па матэрыялах абвінавачання Алег Крычкоўскі знаходзячыся па месцы жыхарства, вечарам 31 снежня 2020 года пад выявай Аляксандра Лукашэнкі ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” пры ўручэнні яму вышэйшай адзнакі АМАП МУС — чорнага берэта — пакінуў абразлівы каментар, які, на думку экспертызы, з’яўлецца ненарматыўнай формай маўленчага выказвання і нясе негатыўную ацэнку кіраўніка дзяржавы.
Крычкоўскі ад паслуг адваката адмовіўся, а суду патлумачыў, што ў пераднавагоднюю ноч выпіў кілішак і пад уздзеянням эмоцый пакінуў зняважлівы каментар, пра які нават потым забыўся ўвогуле. Таму быў здзіўлены, калі ў траўні 2022 года яго выклікалі ў РАУС, дзе і азнаёмілі са зместам каментара. Тады ж яго і затрымалі.
Сваю віну ў судзе абвінавачаны цалкам прызнаў.
Суд пастанавіў прызнаць Алега Крычкоўскага вінаватым і пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму.
Улетку 2023 вызвалены па заканчэнні тэрміну пакарання.
За абразу Лукашэнкі і чорнага берэта — паўтара года калоніі жыхару Полацка