Аляксандр Аляксандравіч Галкоўскі працуе малодшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам чарнобыльскага сектару аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН. Мае малога сына.
Паводле абвінавачання,
Аляксандр Галкоўскі «ў групе асобаў сумесна з
Багданам Шымановічам і
Андрэем Хадкевічам, маючы злачынны намер на здзяйсненне злачынства супраць парадка кіравання, накіраваны на публічную абразу і прыніжэнне гонару і годнасці асобы Лукашэнкі А. Р., 27 лютага 2021 года вырабіў макет чалавека, на які павесіў таблічку з нанесеным тэкстам “Восток – в Гаагу”. Макет чалавека меў знешнія прыкметы, сходныя са знешнімі прыкметамі Лукашэнкі. Пасля чаго, працягваючы свой злачынны намер, ён устанавіў указаны макет на тэрыторыі дачнага ўчастка і з выкарыстаннем газавай гарэлкі, сумесна з Шымановічам, які выкарыстоўваў газавую гарэлку, а таксама Хадкевічам, які выкарыстоўваў вадкасць для распальвання, падпаліў указаны вышэй макет чалавека, знішчыўшы яго, тым самым здзейсніўшы публічную абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сувязі з выкананнем ім сваіх паўнамоцтваў, і здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 17 і Крымінальнага кодэкса.
Ні Галкоўскі, ні Шымановіч, ні Хадкевіч вінаватымі сябе не прызналі. Ніхто з іх раней не быў судзімы і не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці — за выключэннем 15 сутак арышту па гэтай справе.
У выніку суддзя прызнаў Багдана Шымановіча, Андрэя Хадкевіча і Аляксандра Галкоўскага вінаватымі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса і прысудзіў Галкоўскаму — 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.
У апошнім слове Аляксандр Галкоўскі сказаў:
"Я — законапаслухмяны грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Усё сваё свядомае жыццё я працаваў і, спадзяюся, буду працаваць на карысць краіны. Бок абвінавачвання мне інкрымінуе, што я, на мове арыгіналу, «преступник» — чалавек, які пераступіў закон. Для мяне як для беларуса гэта не зразумела, таму што па-беларуску пераклад гучыць як «злачынец» — чалавек, які ўчыніў зло. Мне незразумела, якое ж такое зло я ўчыніў сваімі дзеяннямі на сваёй прыватнай сядзібе, якую я набыў за свае ўласнаруч заробленыя грошы і пабудаваў сваімі рукамі".
Палітзняволены цалкам адбыў тэрмін і ў сярэдзіне красавіка 2023 г. выйшаў на волю з ПУАТ № 9.