Аксана Макавецкая

Прад'яўленыя абвінавачванні:

арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады

Вынік суда: 1 год і 6 месяцаў

Від пакарання: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія")

Суддзя: Рубашэўская Людміла

Супрацоўнік органаў унутраных спраў — пад асаблівай абаронай дзяржавы

22 чэрвеня ў судзе Жабінкаўскага раёна разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да мясцовай жыхаркі Аксаны Макавецкай. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады, а менавіта супрацоўніка органа ўнутраных спраў (арт. 369 КК).

Суддзёй выступіла Людміла Рубашэўская, вядомая таксама тым, што судзіла фігурантаў брэсцкай "карагоднай справы".

Фота: brestcity.com
Фота: brestcity.com

Аксана Макавецкая працуе аператаркай заправачнай станцыі. Паводле абвінавачвання, яна ў чаце тэлеграм-канала размясціла каментар, што негатыўна ацэньваў супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Падчас судовага працэсу жанчына прызнала віну і патлумачыла, што праглядала ў тэлеграме розныя каналы і чытала навіны. На адным з іх было размешчанае відэа, дзе зняты разгон мірнай дэманстрацыі, а супрацоўнік органаў унутраных спраў збіваў людзей дубінкамі. Таму Макавецкая не стрымалася і пакінула каментар у ягоны адрас.

Сам супрацоўнік ведамства на судовы працэс не з'явіўся. А ў сваіх паказаннях, якія даваў падчас папярэдняга расследавання, ён адзначыў, што каментар "зневажае ягоны гонар і годнасць як супрацоўніка органаў унутраных спраў, гэтак і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь".

Суддзя Рубашэўская звярнула ўвагу на тое, што, у адпаведнасці з артыкулам 35 Закона "Аб органах унутраных спраў", прадстаўнікі ўлады знаходзяцца пад асаблівай абаронай дзяржавы. І ў сувязі з гэтым асудзіла Аксану Макавецкую на адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

Маладзечна, Мазыр, Жабінка, Драгічын... Падборка рэгіянальных дыфамацыйных прысудаў

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ).

 

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»